ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д

(Parthenocissus),

род кветкавых раслін сям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).

Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар. расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.

Г.У.Вынаеў.

Дзявочы вінаград восенню.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)